Русалка в Свислочи

Официальный сайт Минской Городской Организации ОСВОД

Русалка в Свислочи

 

Где–то в XVI веке в Минске жила прекрасная шляхтянка. Что ни день, в дом красавицы, что стоял на перекрестке улиц Подгорной и Францисканской (нынешние Карла Маркса и Ленина) приезжали сваты, но она всем отказывала, претенденты казались ей недостойными.

rusalka

Как водится, в девушку влюбился молодой, красивый, но бедный шляхтич. Долгое время ходил он к ней, но так и не добился взаимности. Та прямо сказала, что за бедняка не пойдет. И вот однажды, зайдя в очередной раз к своей зазнобе, парень увидел ее в объятиях некрасивого, глупого, но богатого горожанина. Юноша не на шутку разозлился. Дождался, пока соперник уйдет, схватил прагматичную красавицу и утопил ее в Свислочи.

 

Вскоре после этого в реке появилась обворожительная русалка, которая лунными ночами заманивала в воду проходящих мимо мужчин и топила их в глубоких омутах. Поговаривали, что русалка эта и есть утопленная красавица, которая в силу своей злобной натуры продолжала мстить мужчинам.

 

Ёсьць яшчэ адно — больш маляўнічае і падрабязнае паданьне пра русалку ў Свіслачы…

 

 

Паданне пра Свіслацкую русалку

Даўно тое было, сябры мае. Гадоў трыста таму, а мо, і болей. Там, дзе сёння перакрыжоўваюцца вуліцы Францысканская і Падгорная, стаяў невялікі, але прыгожы і ўтульны дамок. Жыла ў ім дзяўчына, паненка незвычайнай прыгажосці. Гожая была красуня і гжэчная, аднак душу мела легкадумную. Любіла яна круціць галовы маладым шляхціцам, якія заляцаліся да яе. Любіла яна вясёлыя баляванні і багатыя падарункі. І чым даражэйшы быў падарунак, тым больш ласкавым і прыязным быў позірк паненкі.

 

Беглі дні, міналі месяцы, каціліся гады. Адны кавалеры адыходзілі, прыходзілі іншыя. Але адданым свайму каханню заставаўся небагаты малады шляхціц. Ён стаяў ля дома каханай паненкі з першымі пробліскамі сонца. Ён суправаджаў яе паўсюль. Ён гатовы быў аддаць усё, нават самое жыццё за ласкавы позірк, за прыязнае слова дзяўчыны. А хітрая панначка ўсё добра ведала і разумела. То прылашчыць хлапца пяшчотнымі вочкамі, то раптам нібы спахмурнее, прагоніць крыўдным словам. Гуляла яна з ім, як кошка з дурненькім мышаняткам.

 

Між тым у панначкі з’явіўся сапраўдны кавалер – вельмі заможны менскі месціч. Быў ён немалады і не зусім прыгожы, але багацце меў немалое – заезная карчма, бровар, млыны і крамы, і шмат чаго яшчэ, што несла прыбытак. Талеры звінелі і асядалі ў яго скарбонцы, бо быў ён жміндаю і скупендаю. Сам месціч быў удавец, дзяцей у яго не было, таму вырашыў ён ажаніцца зноў. І не на кім-небудзь, а на адной з прыгажунь слаўнага места Менскага. Нягледзячы, што быў скнараю, тут ён грошай не пашкадаваў. Набыў паненцы казачныя ўборы. Падараваў ёй заморскі шыкоўны вазок. Справа ішла да вяселля. Ранейшыя кавалеры сыходзілі адзін за адным. І толькі рамантычны юнак не заўважаў нічога і літаральна праводзіў увесь час ля таго месца, дзе жыла яго багіня.

 

Паненка смяялася з юнака і, ўжо ці не здзекваючыся, вырашыла крыху павесяліцца, пагуляцца з тым каханнем. Аднойчы, калі выходзіла яна з вазка, паманіла яна шляхцюка сваёй прыгожай ручкай і, нібы тайна, шапнула яму.

– Ну што ты ўсё ходзіш і ходзіш за мною. Няўжо не бачыш, што мне сумна. Адкуль я ведаю, ці сапраўды ты кахаеш мяне?

– Любая… – захлынуўся словамі юнак, – ты для мяне як подых чыстага паветра, як ранішні прамень, як…

– Досыць, – спыніла яго дзяўчына, – я веру, але гэта толькі словы.

– То прызнач мне іспыт, і які б цяжкі ён ні быў, я выканаю яго.

– Тады, – загадкава ўсміхнулася красуня, – здабудзь мне самую прыгожую ў свеце кветку, якая б была варта маёй прыгажосці.

– Я здабуду яе, – палка ўсклікнуў юнак. – Я пайду за ёй на край свету, але дзе ж мне знайсці яе?

– Дурненькі, – усміхнулая паненка, – не трэба ісці так далёка. Самыя прыгожыя кветкі растуць у парку ля Нясвіжскага замка. І калі ты вернешся з імі, я буду тваёй. – Прамовіўшы гэта, яна схавалася ў доме.

– Я прынясу табе іх, цэлы букет, і ён будзе варты цябе, мая ласачка, маё сонейка, маё сэрца, маё жыццё!

Але ці пачула тыя словы прыгажуня?

 

Хлапец як на крылах ляцеў да Нясвіжа. Аднак чым бліжэй набліжалася прыступка да яго шчасця, тым выразней паўставаў перад ім твар уладальніка Нясвіжскага замка – грознага князя Януша Радзівіла. Усё можа Радзівіл – некаранаваны кароль Літвы! Маёнткі яго неабсяжныя, багацці яго незлічоныя. Гэта ён апранае ў золата і аксаміт тысячу прыдворных паноў і паненак! Гэта ён адзін трымае тысячы асабістага коннага войска! Гэта толькі ён у прысутнасці самога караля асмеліўся кінуць у вочы каронным сенатарам: «Вы лезеце да нас праз дзверы, мы будзем выкідваць вас праз вокны!» Няцяжка было здагадацца, што ён зробіць са злодзеем, які насмеліцца абрабаваць яго. Гэта было зразумела без лішніх слоў.

 

Але каханне перамагло і страх, і голас розуму. Удзень наш герой, змяшаўшыся з натоўпам наведвальнікаў і прасіцеляў, пабываў у парку, дзе раслі найпрыгажэйшыя кветкі, прывезеныя з далёкіх краін. І калі настала ноч, ён, нібы злодзей, пракраўся ў парк. У цемры ён блукаў, амаль не пазнаючы тых месцаў, дзе быў удзень. Прыгожыя кветкі, што распусціліся пад сонцам, схаваліся ўночы, і толькі месячнае святло залівала змрочныя прысады. Дрыжыкі папаўзлі па скуры шляхціца, але вярнуцца з пустымі рукамі да сваёй каханай ён не мог. Цвёрдай рукою ён зрэзаў некалькі кветак каля альтанкі, паглыбіўся ў гушчар, пачуўся трэск галін. Раптам юнак убачыў два злавесныя агеньчыкі ў цемры. Яны хутка набліжаліся да яго, а за імі яшчэ і яшчэ. То моўчкі, без гуку, ляцелі вялізныя вартавыя сабакі Радзівіла. Гэта было жахліва. Хлапец кінуўся ўцякаць, заграз у ручаі. Адчайны крык вырваўся з яго грудзей. А сабакі ўпіліся ў лыткі, у рукі, заліліся брэхам. Пачуліся галасы, запалалі паходні. На галаву няшчаснага злодзея абрынуўся нечувальнай сілы ўдар… і адразу яго ахапіла выратавальная цемра.

 

…Ачуняў ён пасля таго, як на яго абрынуўся вадаспад вады. Звязанага, скрываўленага, у падранай вопратцы, яго прывялі ў залу палаца. Неўзабаве з’явіўся і сам гаспадар. Пан Януш Радзівіл, пабуджаны сярод ночы і змрочны, як ноч, увайшоў у залю. Спахмурнела паглядзеў ён на недарэку, на нож, на зрэзаныя кветкі – відавочныя доказы злачынства.

 

– Ты хто такі, і ці ведаеш, на чыё майно паквапіўся, халоп! – грозна закрычаў ён.

– Я вітаю яго мосць пана Януша Радзівіла, – годна адказаў хлапец, – але я не халоп.

 

– Навошта ты, пане, залез у мой парк, ці згубіў нешта? – засмяяўся Радзівіл.

Хлапец шчыра, ад усяго сэрца, распавёў гісторыю свайго кахання. Пан Януш слухаў яго моўчкі, не перабіваючы, не пытаючыся нічога. Калі няхітры аповед скончыўся, Радзівіл працягваў маўчаць.

– Пэўна думае, якой карай мяне пакараць, – падумаў юнак.

Радзівіл нібы прачытаў тыя думкі.

– Ты, пэўна, думаеш, што я прыдумваю табе жорсткую кару. І гэта так. Але я не кат і не маскоўскі цар, каб караць без закона.

 

Аднак я дарую табе тваю правіну, бо ў гады маёй маладосці сам кахаў, хіба толькі не так палка, як ты. Тваё каханне – рыцарскае, так і зрабі, як рыцар. Вяртайся да сваёй каханай, падары ёй кветкі і бяры яе сабе за жонку. Я сам буду прысутнічаць на вашым вяселлі. Пасля вяртайся, будзеш служыць мне, бо Айчыне зноў пагражае бяда – ідуць на нас ворагі з усіх бакоў – свеі, маскоўцы, казакі.

Па загаду пана Януша слугі прынеслі чыстую вопратку і срэбную вазу, поўную цудоўных кветак, прыгажэйшых за якія не было ў цэлым свеце.

 

Як на крылах ляцеў юнак у Менск, прыціскаючы да грудзей каштоўны падарунак. Калі ён пад’язджаў да горада, ужо насоўвалася ноч. Цяжкія навальнічныя хмары рабілі вечар яшчэ больш чорным. Цяжка грымнула, нібы недзе далёка ў небе загрукаталі радзівілавы куляўрыны, нібы панцырная кавалерыя ехала па гарадскім бруку. Неўзабаве на зямлю абрынулася заліва. Але закаханы не заўважаў нічога: «Толькі б хутчэй паспець, паспець да Яе!» Запалены конь быў кінуты ля заставы. Не бачачы нічога і нікога, бег юнак па вуліцах да свайго Шчасця.

 

Вось і жаданы дамок, дзе мірна ззяе ружовы агеньчык. «Мая любая не спіць, яна чакае мяне», – падумаў хлапец. Толькі што гэта за галасы, якія гучаць так позна? Шляхціц падыйшоў да акна і тое, што ён убачыў, літаральна прыкавала яго да зямлі.

У тым пакоі, дзе ён марыў на каленях уручыць каштоўныя кветкі свайму Каханню, ён убачыў карціну, ад якой усё паплыло перад вачыма. Яго красуня сядзела ў крэсле ў белым, надзвычай прыгожым уборы і звонка, весела смяялася. А над ёй схіліўся той месціч, той самы стары месціч, якога ён столькі разоў бачыў. І ён цалаваў яе, цалаваў! Цалаваў!!!

 

Ваза з нікому ўжо непатрэбнымі кветкамі выслізнула з яго рук і ўпала ў бруд. Але юнак гэтага не заўважыў. Дождж усё ліў і ліў. Струмені вады беглі па твары юнака, а мо, то былі слёзы? Колькі ён так стаяў, хвіліну ці гадзіну?

Калі шляхціц апрытомнеў, гэта быў ужо іншы чалавек. Яго ахапіў д’ябал. Юнак згроб рэшткі кветак і адным ударам выбіў дзверы. Увесь страшны і брудны, ён уварваўся ў пакой з аголенай шабляй у руцэ. Месціч так нічога не зразумеў, на імгненне ўбачыўшы перад сабою толькі жахлівы твар. Страшэнны ўдар шаблі рассек яму галаву папалам. Зброя вылецела з рук шляхціца. Дзіка закрычала паненка. Але юнак наводмаш ударыў яе кветкамі па твары. Пакаёуку, якая выбегла на лямант, ён проста зваліў ударам кулака. І сам дзіка закрычаў, нібыта яму рвалі вантробы раскаленыя кляшчы ката.

 

Калі да паненкі вярнулася прытомнасць, то першае, што яна ўбачыла, гэта былі вочы юнака. Аднак не чыстыя і ласкавыя вочы закаханага, але мутныя вочы вар’ята. Злашчасны нейкім шнуром звязваў дзяўчыну-пакаёўку. Тая не супраціўлялася, толькі з жахам глядзела на пана.

Той, хто некалі быў закаханым кавалерам, утаропіўся ў паненку, нібы не пазнаваў яе. Пасля ён ухапіў яе за валасы і наблізіў яе збялелы твар да свайго жахлівага аблічча. Паненка слаба паспрабавала адбіцца, але ён не заўважаў. Ён заламаў паненцы рукі за спінаю і жорстка звязаў абрыўкамі вопраткі. А каб не чутно было крыкаў, запхнуў ёй у рот рэшткі яе вэлюму.

 

Звар’яцелы хлапец то бегаў па пакоі, то спыняўся і штосьці шаптаў. Раптам ён паглядзеў, як енчыць і тузаецца на кіліме паненка, і вочы яго заблішчэлі д’ябальскім агнём. Ён падхапіў на рукі няшчасную ахвяру легкадумнасці і выбег на двор.

Вецер свістаў з раз’юшанай сілай. Усё навокал грымела. Цемру асвятлялі сполахі маланак. А злашчасны юнак бег уніз пад гару, куды неслі яго ногі. На руках яго курчылася тая, якую ён некалі кахаў…

І чым больш яна старалася вырвацца, тым мацней ён прыціскаў да сябе каштоўную ношу.

– Ты мая, ты мая, ты цяпер мая назаўсёды…

Дабегшы да Ляхавіцкага моста, да счарнелага берага, дзе раўла і пенілася Свіслач, ва ўспышцы маланкі ён убачыў вялікія, напоўненыя слязьмі і жахам вочы дзяўчыны. Заткала выпала з яе рота, і вусны слаба прашапталі: «Злітуйся, пашкадуй мяне, і я буду тваёю назаўжды». Ці то гэтыя ледзь чутныя словы, ці то халодны дождж, але здалося, што юнак прыйшоў у сябе.

– Любая, – толькі і паспеў прамовіць ён, – даруй мне, я…

Страшэнны ўдар маланкі раскалоў неба і бераг. Глеба абрынулася ў бездань і яны абодва паляцелі ў вір. І толькі вялікая хваля пазначыла на імгненне тое месца.

Доўга хадзілі чуткі і размовы ў Менску пра сумны лёс злашчаснага закаханага і панны яго сэрца. Казалі пасля, што доўгі час то каля старога Ляхавіцкага моста, то на стромкім беразе пахмурнай ракі каля дрэваў, што схіліліся да самай вады, бачылі цень жанчыны ў белым вясельным уборы. Нібыта гэта была вядомая свіслацкая русалка, якая заманьвала ў вір неасцярожных мужчын і тапіла іх там.

 

Распавядалі таксама, што жыў разам з ёю вадзянік, і былі ў іх дзеці – дзяўчынкі-русалачкі.

Але, думаю, байкі ўсё гэта…

 

Источник: «Мінск стары і новы», Газета «Экспресс Новости»

 

Аўтар Артур ЗЕЛЬСКІ

 

http://www.fishtour.by/articles.php?id=1095

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

This blog is kept spam free by WP-SpamFree.

Яндекс.Метрика