«Я зрабіў гэта!» Ураджэнец Оршы стаў першым беларусам, які пераплыў Гібралтар 18 комментариев

Официальный сайт Минской Городской Организации ОСВОД

«Я зрабіў гэта!» Ураджэнец Оршы стаў першым беларусам, які пераплыў Гібралтар 18 комментариев

Публикации 0

Н О В О С Т И

tut.by

 

 

 

Общество

31 июля 2014 в 10:51

Кірыла Хілько, Наша Ніва

13 ліпеня плывец Дзмітрый Ягораў стаў першым беларусам, які пераплыў праліў Гібралтар, што раздзяляе Еўропу і Афрыку. Пры гэтым Дзмітрый заняў 10-ты радок па хуткасці пераадолення праліва за ўсю гісторыю: беларусу спатрэбілася 3 гадзіны 8 хвілін. Маршрут, па якім плыў Дзмітрый, мае працягласць 14,4 км. Аднак праз плыні яму давялося праплыць на 2 кіламетры больш — 16,3 км.

2014-08-01_132052

Дзмітрый Ягораў пераплывае Басфор. Фота: архіў Дзмітрыя Ягорава

 

 

26-гадовы Дзмітрый нарадзіўся ў Оршы. Вучыўся на факультэце фізічнай культуры і спорту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым атрымаў эканамічную адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.

 

Цяпер Дзмітрый Ягораў жыве ў Санкт-Пецярбургу і працуе трэнерам па плаванні і трыатлоне. «НН» паразмаўляла з Дзмітрыем і даведалася, як гэта: пераплыць з аднаго кантынента на другі.

2014-08-01_132230

Дзмітрый Ягораў (справа) і Сяргей Алчабаеў (злева) з сертыфікатамі аб пераадоленні Гібралтарскага праліва. Фота: архіў Дзмітрыя Ягорава

 

 

«НН»: Як нарадзілася ідэя пераплыць Гібралтар? Ці плавалі вы на такія вялікія дыстанцыі раней?

 

Дзмітры Ягораў: Да заваявання Гібралтара ў 2013 годзе я пераадолеў Басфор, 6,5 км, праліў у Стамбуле, які злучае Еўропу і Азію, у рамках 25-га міжкантынентальнага плавальнага марафону Bosphorus Cross-Continental, а мая вучаніца паставіла рэкорд сярод жанчын.

 

Пасля гэтага і паўстала пытанне аб далейшай мэце. Было некалькі варыянтаў, і адной з самых прымальных выявіўся менавіта Гібралтарскі праліў.

 

Варта адзначыць, што заплывы праз амаль 15-кіламетровай шырыні гарлавіну Міжземнага мора, якая злучае яго з Атлантычным акіянам, увайшлі ў моду на мяжы стагоддзяў: між 1999 і 2003 гадамі праліў фарсіравалі два дзясяткі плыўцоў.

 

Прыклад быў заразлівы: цяпер вадзяную перашкоду фарсіруюць не менш за 60 спартсменаў штогод.

 

«НН»: Як праходзіла падрыхтоўка да заплыву?

 

ДзЯ: Што тычыцца падрыхтоўкі непасрэдна напярэдадні Гібралтара, то ўсё аказалася нашмат больш сумна за тое, што сабе ўяўляў. Былі інтэрвальныя заплывы па 100-200-400 метраў, з якімі мой арганізм ужо даўно звыкся. Паступова яны наблізіліся да кіламетровых, дасягнуўшы свайго апагею ў заплыве 5х2 км са спаборніцкай хуткасцю.

 

Самымі складанымі момантамі ў падрыхтоўцы былі доўгія заплывы на 8 км і больш у басейне. Уявіце: катацца па стадыёне на веласіпедзе цягам трох гадзін ці той жа час на велатрэнажоры дома, калі перад табой нязменны малюнак шпалераў.

 

А калі вакол цябе па пакоі ходзяць бабулькі і крычаць, маўляў, што ты тут раз’ездзіўся? Як вам такое? Пры гэтым на велатрэнажоры вам ніхто не ўдарыць пяткай у вока. У басейне ж я атрымаў некалькі рассячэнняў, сінякоў, не раз выбіваў і рэзаў пальцы. І так на працягу шасці месяцаў: раніцай, або ўвечары, або раніцай і ўвечары…

 

«НН»: Апішыце сам заплыў, прыемныя моманты і небяспечныя сітуацыі.

 

ДзЯ: Пераплысці Гібаралтар паводле ўсіх правілаў і інстанцый я сабраўся з Сяргеем Алчабаевым з Екацярынбурга. Ён добры плывец і проста выдатны чалавек. Перад заплывам мы ўсё ж здолелі правесці адну сумесную трэніроўку, каб зразумець, з якой хуткасцю нам рухацца і не аддаліцца адзін ад аднаго. Усё прайшло выдатна, і я быў гатовы да любых выпрабаванняў.

 

Мы плылі без гідракасцюмаў, і для таго, каб не змерзнуць і пазбегнуць пацёртасцяў, мы ўжывалі барсуковы тлушч і вазелін. Яны добра расцякаліся па целе пад пякучым сонцам Іспаніі, аднак змыць іх можна было толькі з дапамогай сродкаў для мыцця посуду.

 

На сустрэчы з арганізатарамі заплыву мы атрымалі падрабязныя інструкцыі, а таксама даведаліся, што ўсе сайты з прагнозамі надвор’я хлусяць, і мы паплывём у той дзень і ў той час, які нам прызначаць самі арганізатары.

 

Раптам мы даведаліся, што плысці трэба ўжо праз дзень, хоць па плане разлічвалі яшчэ на 4 дні трэніровак на хвалях.

 

Пераканаць арганізатараў нам ніяк не ўдалося. Хоць за іх настойлівасць я хачу выказаць вялікую падзяку. Сайты з прагнозам надвор’я сапраўды нахлусілі, і адзіны прыдатны для заплыву дзень з 10, што мы правялі ў іспанскім Тарыфа, быў менавіта 13 ліпеня.

 

Ужо на наступны дзень і да канца нашага знаходжання ў Іспаніі хуткасць ветру дасягала 25-30 км/г, пры парывах можна было падскочыць у адным месцы, а прызямліцца ў іншым.

 

І вось раніца 13 ліпеня, праверка рыштунку і харчавання і павольны шпацыр да прычала, адкуль нас павінна была забраць лодка.

 

Лодкі было дзве. Адна з іх задавала кірунак руху, а другая, бліжэйшая да нас, забяспечвала нас харчаваннем і дадатковай інфармацыяй на час заплыву. У ёй была і мая жонка і па сумяшчальніцтве мой трэнер Наталля.

 

Першае пагружэнне — вада выявілася да сутаргаў халоднай, такой жа халоднай, як тады, падчас «першай трэніроўкі»: 1,5 км уздоўж берага пры тэмпературы вады ў 15-16 градусаў (і гэта нам яшчэ пашанцавала, як суцяшалі арганізатары).

 

Мы падплылі да берага Еўразіі і па свістку пачалі рухацца ў бок Афрыкі.

 

Паводле плану, праз 3 гадзіны і 20 хвілін мы ўжо мусілі быць на іншым кантыненце.

 

Плысці мне прыйшлося не са сваёй хуткасцю, бо стараўся не адставаць ад партнёра, таму пастаянна даводзілася ўкалваць (Сяргей Алчабаеў праплыў дыстанцыю на 3 хвіліны хутчэй. — «НН»).

 

Я ўвесь час працаваў на мяжы. Запланаванага кожныя 45 хвілін перакусу хацелася раней: бо падмацавання хапала толькі на 35 хвілін, а потым 10 хвілін цярпення і думак аб ежы.

 

Часам казалі паскорыцца, бо набліжаўся карабель ці каб хутчэй перасекчы чарговую халодную плынь. Ці каб адарвацца ад касатак.

 

Я даведаўся пра касатак пазней, бо арганізатары замаўчалі гэты факт падчас заплыву, каб не навесці панікі.

 

Яны толькі кантралявалі сітуацыю, каб касаткі не рушылі ў наш бок. На сайце арганізатараў заплываў пра напады жывёл нічога не гаворыцца. Я бачыў толькі яркія карцінкі са шчасліўчыкамі, вакол якіх кружылі дэльфіны.

 

Для мяне да гэтага часу застаецца загадкай: калі ўсё ж такі касаткі рушылі б у наш бок і нас дасталі з вады, то прыйшлося б пераплываць наноў?

 

Былі і прыемныя, але неспрыяльныя для выніку моманты.

 

Калі, напрыклад, трапляў у цёплую плынь, было так прыемна, што не хацелася нават працягваць заплыў.

 

Пад канец рукі былі ўжо настолькі цяжкімі, што пасля піт-стопу я ледзь змог працягнуць працаваць у тым жа тэмпе.

 

На працягу заплыву з шалёнай хуткасцю паспеў успомніць усіх знаёмых і сваякоў, дзеля якіх я мог бы гэта зрабіць, што надавала, хоць і нязначна, але сілы для далейшага працягу руху наперад і толькі наперад.

 

І вось нарэшце акуратнае даплыццё да берага, дотык і свісток, які спыніў секундамер.

 

З цяжкасцю ўдалося на карачках падняцца на бераг, устаць, выпрастацца і з радасцю ўскінуць рукі ўверх.

 

У галаве круцілася думка: «Я зрабіў гэта!»

 

Усяго праз паўтара тыдні Ягораў праплыў ад Пецярбурга да Кранштата 25 кіламетраў, а ў будучым хоча праплысці 45 кіламетраў вакол Манхэтана.

 

У дадзены момант на сайце Асацыяцыі плыўцоў праз Гібралтар пазначана, што Дзмітрый Ягораў з Расіі. Дзмітрый кажа, што арганізатары нешта пераблыталі і што ён ужо накіраваў ліст з просьбай замяніць RUSSIA на BELARUS.

 

Больш фота вы можаце убачыць на: http://news.tut.by/society/409183.html

Яндекс.Метрика