Лепшых вадалазаў вызначылі пад Мінскам

Официальный сайт Минской Городской Организации ОСВОД

Лепшых вадалазаў вызначылі пад Мінскам

Публикации 0

Ратаўнікі трымаюць сябе ў баявой форме круглы год. І ўжо добрай традыцыяй сталі чэмпіянаты сярод членаў рэгіянальных арганізацый Таварыства ратавання на водах. Спаборніцтвы сярод сталічных вадалазаў прайшлі ўжо ў сорак трэці раз. Сёлета яны разгарнуліся на базе выратавальнай станцыі “Пціч”, што месціцца на Воўчкавіцкім вадасховішчы.

— Мы хочам папулярызаваць прафесію воднага ратаўніка. Штогод мы ратуем больш за 500 чалавек, чвэрць з іх – дзеці, — зазначыў старшыня ТРВАД Анвар Ігамбердыеў. — А асноўны крытэрый пры ратаванні чалавеа – гэта час. Калі чалавек губляе прытомнасць і ў верхнія дыхальныя шляхі трапляе вада, то праз пяць хвілін пачынаюцца незваротныя змены ў арганізме. Таму ў ратаўніка вельмі мала часу, каб знайсці пацярпелага і перадаць яго медыкам.

На Пціч з’ехаліся вадалазы з васьмі ратавальных станцый — Цнянская, Камсамольскае возера, Дразды, Вяча, Пціч, Крыніца, Мінскае мора, Заслаўе-1 і Заслаўе-2. Яны мусілі пераадолець у ластах 100 метраў вольным стылем, абмінаючы перашкоды. Затым – падняць транспартаваць манекен, які выконваў ролю умоўнага пацярпелага, з паўсотні метраў да берага. Пасля гэтага – правільна падаць круг, выратаваць чалавека з лодкі і выйсці на катары па трывозе. Гэта значыць, — знайсці на глыбіні чалавека і максімальна хутка аказаць яму дапамогу.

— На спаборніцтвах адпрацоўваваюцца тыя элементы, якія неабходныя пры паўсядзённай працы, — кажа начальнік аддзела вадалазна-выратавальнай службы ТРВАД Сяргей Патрыкееў. —  Таксама нашы вадалазы пакажуць, як яны спраўляюцца на лодцы з адным вяслом.

— Спаборніцтвы вельмі маштабныя, — гаворыць старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ТРВАД Фёдар Клюкач. — Да 8 каманд дадаецца манеўрана-пошукавая група. Па выніках спаборніцтваў скамплектуем зборную на чэмпіянат краіны па ратавальным шматбор’і. Ён адбудзецца ўжо ў саракавы раз! Сёлета ён будзе праходзіць з 21 па 23 жніўня на Браслаўскіх азёрах. Каманда ў нас невялікая – тры чалавекі і чацвёрты запасны… Цікава, што яшчэ 10 год таму 8-12 вакансій вадалазаў у Мінску былі вакантныя. Цяпер жа, калі чалавек звальняецца, мы знаходзім замену вельмі хутка.

Анатоль Чыслоў працуе ратаўніком на станцыі “Цнянская” ўжо больш за сем год.

— Такі прафесійны шлях я выбраў у дзіцячым узросце. Бацька працаваў ратаўніком. Калі мне споўнілася 18 год, я паступіў у Камандна-інжынерны інстытут. Затым асвоіў працу вадалаза.

Самае складанае, з чым сутыкаўся, — гэта тэхнічныя працы пад вадой. Непадалёк ад Мінска парвала газаправод, і мы ўдзельнічалі ў ліквідацыі аварыі. Выцягваць людзей з вады для мяне куды больш прывычна, але, нягледзячы ні на што, з задачай мы справіліся.

Вадалаз-ратаўнік 1 класа ратавальнай станцыі “Крыніца” Пётр Шароў – сапраўдны ветэран чэмпіяната Таварыства ратавання на водах! Ён удзельнічае ў ім ужо ў пятнаццаты раз.

Кожную змену робім пяць-шэсць прафілактычных выездаў. Адпачывальнікі плаваюць на лодках без ратавальных камізэлек, дзеці боўтаюцца на матрацах і ратавальных кругах. Выслізне такая прынада – і ўсё, чалавек пачынае тануць…  Большасць здарэнняў адбываецца з нецвярозымі людзьмі. Пік – ад вечара пятніцы да ночы на панядзелак. А вось што ўрэзалася ў памяць, дык гэта “рымэйк” знакамітай сцэны з кінафільма “Каўказская палонніца”. Памятаеце, як там дарогу перакрылі Трус, Балбес і Бывалы? Тое ж мы пабачылі аднойчы падчас патрулявання. У вадзе па калена стаялі трое нападпітку. Убачылі нас, памахалі рукамі і… адпусцілі сярэдняга. А той бухаецца на калені тварам уніз і пачынае захлынацца. Добра яшчэ, што былі непадалёк і праз некалькі секунд небараку ўжо ратавала медсястра.

У агульнакамандным заліку лепшай стала дружына ратавальнай станцыі “Заслаўе-2”.

Источник

Яндекс.Метрика